ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ДЭПУТА́ЦЫЯ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА,

паўстанцкі ўрадавы выканаўчы орган у Літве і зах. Беларусі ў час паўстання 1794. У выніку абвастрэння адносін паміж кіраўнікамі паўстання ў Польшчы і ВКЛ у маі 1794 Т.Касцюшка пад націскам кансерватыўных сіл 4 чэрв. адхіліў ад улады кіраўніка паўстання ў Літве і Беларусі Я.Ясінскага як радыкала ў паліт. поглядах і мясц. сепаратыста. Галоўнакамандуючым літоўска-бел. паўстанцкай арміяй прызначаны няздольны ген.-лейтэнант М.​Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі ад 10 чэрв. Найвышэйшая літоўская рада распушчана, а замест яе ўтворана Ц.д. ВКЛ з больш памяркоўных дзеячаў. Кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль. У склад дэпутацыі ўваходзілі 7 дэпутатаў, якія кіравалі аддзеламі і па чарзе ўзначальвалі дэпутацыю, і 28 іх намеснікаў. Дэпутацыя была абмежавана ў сваёй дзейнасці. Яна лічылася паўнамоцным прадстаўніцтвам Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве і была цалка.м падпарадкавана Касцюшку. Дэпутаты былі прызначаны ў Варшаве Найвышэйшай нац. радай, а намеснікі — самой дэпутацыяй. У дэпутацыю ўваходзілі: Ю.​Несялоўскі (аддзел скарбу), А.​Тызенгаўз (прэзідэнт Вільні, аддзел парадку), В.​Гарэцкі (аддзел бяспекі), С.​Мірскі (аддзел юстыцыі), Б.​Марыконі (аддзел харчавання), Д.​Пільхоўскі (аддзел адукацыі). Дэпутацыя размяшчалася ў Вільні і дзейнічала на тэрыторыі, занятай паўстанцамі. Напярэдадні заняцця Вільні рас. войскамі (пач. жн. 1794) дэпутацыя падзялілася на 2 часткі: Марыконі, Мірскі і інш. выехалі ў Гродна, другая частка — у Коўна. Там яны працягвалі ўрадавую дзейнасць. У пач. вер. 1794 дзеячы дэпутацыі сабраліся ў Гродне, але ў пач. кастр. пакінулі горад разам з войскамі, што адступілі ў Польшчу.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 17, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)